«РУ́СКІЯ СЕЗО́НЫ» (Saisons Russes) за мяжой, гастрольныя выступленні рус. оперы і балета ў 1908—29, арганізаваныя С.П.Дзягілевым. Праходзілі ў Парыжы (1908—14), Лондане (1912—14), ЗША (1916—17). Іх пачатак паклалі 1-я выстаўка рус. жывапісу і «Гістарычныя рускія канцэрты» (1906—07, Парыж). Ініцыятары стварэння «Р.с.» — мастакі і музыканты аб’яднання «Свет мастацтва». Трупа для «Р.с.» фарміравалася з артыстаў Марыінскага і маскоўскага Вял. т-раў, Опернага т-ра Зіміна. Пачаліся з оперы «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага з Ф.Шаляпіным у гал. ролі. Сярод інш. пастановак: «Пскавіцянка» М.Рымскага-Корсакава, «Хаваншчына» Мусаргскага ў рэд. Рымскага-Корсакава, «Князь Ігар» А.Барадзіна, опера-балет «Салавей» І.Стравінскага, балеты «Павільён Арміды» М.Чарапніна, «Клеапатра» («Егіпецкія ночы»; на музыку А.Арэнскага, С.Танеева, Рымскага-Корсакава, М.Глінкі, А.Глазунова, Мусаргскага, Чарапніна), «Палавецкія танцы» з оперы Барадзіна «Князь Ігар». У 1911—13 на базе «Р.с.» узнікла пастаянная трупа «Рускі балет Дзягілева». За час існавання «Р.с.» пастаўлена больш за 60 балетаў і 10 опер. «Р.с.» замацавалі рус. мастацтва як вядучае ў агульнаеўрап. муз. працэсе канца 19—1-й чвэрці 20 ст.
Літ.:
Левая Т.Н. Русская музыка начала XX в. в художественном контексте эпохи. М., 1991;
Рахманова М. Сергей Дягилев и «экспансия» русского искусства // Русская музыка и XX в.: Рус. муз. искусство в истории худож. культуры XX в. М., 1997.
К.М.Дулава.
т. 13, с. 469
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)